30 верасня 2025 года ў 16.00 Дзяржаўны літаратурна-мемарыяльны музей Якуба Коласа запрашае на прэзентацыю кнігі «Породнённые войной и целиной». Выданне прадстаўляе сабой вынік сумеснага праекта Міністэрства культуры і інфармацыі Рэспублікі Казахстан, Саюзаў пісьменнікаў Казахстана і Беларусі, Беларускага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва, Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры, Дзяржаўнага літаратурна-мемарыяльнага музея Якуба Коласа. Кніга распавядае пра казахска-беларускія сувязі і кантакты ў галіне літаратуры, якія зарадзіліся ў 1936 годзе, калі ў Мінску адбыўся пленум Саюза пісьменнікаў СССР. Дзякуючы знаёмству і сяброўству паміж пісьменнікамі Беларусі і Казахстана, творы Янкі Купалы і Якуба Коласа загучалі па-казахску, а імёны казахскіх майстроў пяра Джамбула і Ільяса Джансугурава сталі блізкімі і дарагімі сэрцу беларускіх чытачоў. Кніга «Породнённые войной и целиной» – своеасаблівы мост паміж пакаленнямі, напоўнены творамі класікаў і сучасных аўтараў абедзвюх краін, жывымі ўспамінамі, аналітычнымі разважаннямі і яркімі асабістымі гісторыямі. Запрашаем вас 30 верасня ў 16.00 па адрасе г. Мінск, вул. Акадэмічная 5, музей Якуба Коласа. Уваход вольны!